Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description
image description
image description

4 красавіка 1945 года. 36 дзён да Перамогі

Узяцце Браціславы. Завяршэнне Усходне-Памеранскай наступальнай аперацыі. Поўнае вызваленне Венгрыі. Галоўная задача калгасаў краіны. Дапамога бясконным гаспадаркам. Падрыхтоўка да школьных іспытаў. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 60, 61), “Звязда” (№ 61), “Большэвiцкая трыбуна” (Барысаўскі раён) (№ 35), “Искра” (Валожынскі раён) (№ 20).

Дзень адзначаны ўзяццем горада Браціслава, важнага прамысловага цэнтра і галоўнага горада Славакіі. Гэта вынік перамогі 2-га Украінскага фронту пры садзейнічанні Дунайскай ваеннай флатыліі. Нямецкая армія страціла чарговы буйны вузел сувязі і магутны апорны пункт яе абароны на Дунаі. Войскі 2-га і 3-га Украінскіх франтоў завяршылі вызваленне Венгрыі (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 390). Войскі 2-га Беларускага фронту завяршылі ліквідацыю рэшткаў нямецкай групіроўкі, прыціснутай да ўзбярэжжа заліва Путцыгер Вік, заняўшы пры гэтым 10 буйных населеных пунктаў. Войскі 4-га Украінскага фронту з баямі прасоўваюцца наперад ва ўмовах горна-лясістай мясцовасці Чэхаславакіі. Войскамі 2-га Украінскага фронту разам з румынскімі войскамі ў паласе Карпат ўзята больш за 50 населеных пунктаў. Войскі 3-га Украінскага фронту, пераадольваючы супраціўленне праціўніка, змагаюцца на подступах да Вены (“Советская Белоруссия”, № 61).

Нашы цяжкія бамбардзіроўшчыкі наносілі ўдары па ваенных аб'ектах горада Брэслаў. У ноч на 4 красавіка англійскія самалёты «Москито» здзейснілі налёт на Берлін. Днём буйныя злучэнні «Летающих крепостей» і «Либерейторов» масіравана бамбілі верфі ў Кілі і аэрадром у паўночна-заходняй частцы Германіі (“Советская Белоруссия”, № 60; “Звязда”, № 61).

У вызхваленай Беларусі ідзе бітва за высокі ўраджай. Да пачатку маштабных веснавых палявых работ засталіся лічаныя дні. Насельніцтва сельскай мясцовасці імкнецца хутчэй скончыць перадпасяўную працу. Высокая якасць веснавой сяўбы – галоўная задача ўсіх калгасаў. Пасеяць у максімальна сціснутыя тэрміны, лепшым насеннем і пры добрай апрацоўцы глебы –менавіта ў гэтым аснова высокага ўраджаю (“Большэвiцкая трыбуна”, № 35).

Для ўдзелу ў гэтых работах мабілізаваны ўсе машынна-трактарныя станцыі (МТС). Шэраг калгасаў Барысаўскага раёна ўжо прыступілі да палявых работ. Не чакаючы падсыхання ўсяго зямельнага масіву ў гаспадарках выбарачна ўзорваюць і бароняць глебу. У Валожынскім раёне створаны пры МТС па рашэнні райвыканкама конна-пракатны пункт аказвае дапамогу бясконным гаспадаркам. Паспяхова ідуць аднаўленчыя работы як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. Гатовы да працы цагляны завод у вёсцы Ганчары Валожынскага раёна (“Искра”, № 20).

У гэты дзень (на 25 дзён раней) пачало работу торфапрадпрыемства “Змяёўка”. Ужо здабыты першыя 10 тыс. штук торфакірпіча (“Советская Белоруссия”, № 60). Пацярпелым сялянскім гаспадаркам аказваецца ўсямерная дапамога – адпускаецца лес для аднаўлення спаленых пабудоў, даюцца ільготы па сельскагаспадарчым падатку і дзяржаўных пастаўках.

Ставяцца задачы па аднаўленні лесахімічнай прамысловасці (“Искра”, № 20). Не застаюцца па-за ўвагай і аб'екты культуры. На прыкладзе работы Барысаўскага кінатэатра раскрываюцца недахопы ў арганізацыі кінасеансаў, вольнага часу насельніцтва. У Полацку аднаўляецца дом-музей Пятра I, у якім ён жыў некалькі тыдняў перад Палтаўскай бітвай (“Большэвіцкая трыбуна”, № 35).

Школы ўступаюць у адказны і заключны перыяд навучальнага года –падрыхтоўка да пераводных і выпускных іспытаў. Асаблівая ўвага педагогаў надаецца выпускнікам 4-х і 7-х класаў. Інспектар Валожынскага раёна ў сваёй публікацыі на старонках газеты “Искра” (№ 20) заклікае педагогаў і бацькоў аб'яднаць намаганні для стварэння неабходных умоў для вучобы школьнікаў.

             Да Перамогі засталося 36 дзён ...