Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

14 сакавіка 1945. 57 дзён да Перамогі

Праграма развіцця сельскай гаспадаркі. Выстава літаратуры ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна. Балотазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Газеты: «Звязда» (№ 49), «Советская Белоруссия» (№ 48), «Ленінская праўда" (Дзяржынскі раён) (№ 17), «Уперад» (Лідскі раён) (№ 15).

У газеце «Звязда» (№ 49) матэрыялы аб ваенных дзеяннях і паспяховым наступе Чырвонай арміі суседнічаюць з артыкулам пад назвай «Баявая праграма развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі» (адразу адчуваецца баявы настрой і тут, у тыле). Уся 2-я старонка прысвечана Дзяржаўнаму плану развіцця сельскай гаспадаркі БССР на 1945 год, а 4-я - міжнародным падзеям. На 3-й старонцы размешчана вялікая калонка, прысвечаная адкрыццю ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна пастаяннай выставы кніг "Вялікая Айчынная вайна ў літаратуры» з фотаздымкамі, ілюстрацыямі, плакатамі, асабістымі дакументамі. Акрамя кніг І.В. Сталіна і У.І. Леніна тут прадстаўлена літаратура пра вялікіх палкаводцаў, герояў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Асобны раздзел складаюць мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў пра вайну. Прадстаўляем некаторыя з гэтых кніг, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: Я. Купала «Стихи о Родине», А. Кулешов «Сцяг брыгады», А. Стахович «Шумяць лясы», М. Танк «Янук Сяліба», зборнікі «Белоруссия борется», «Беларусь в огне».

Цікавыя аб'явы размясціла «Советская Белоруссия» (№ 48). Дзяржаўнаму выдавецтву БССР патрабуюцца работнікі па 11-ці спецыяльнасцях, у тым ліку, галоўны бухгалтар, бібліятэкар. Акадэмія навук БССР абвясціла прыём у кандыдацкую аспірантуру па 16-ці спецыяльнасцях, у тым ліку: беларуская літаратура, беларускае мастацтва, фізіялогія раслін, медыцына, хімія. Яшчэ некалькі спецыяльнасцей звязаны з прыродным багаццем Беларусі – балотамі і торфам: балотазнаўства, механізацыя торфаздабычы, механічная перапрацоўка торфу, хімічная тэхналогія торфу. У цэлым пачатак навуковага вывучэння балот Беларусі (Заходняй экспедыцыяй) адносіцца да 2-й паловы XIX стагоддзя. У 2-м дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя Мінскай балотнай доследнай станцыяй выдаваўся часопіс «Болотоведение» (друкаваная і электронная версіі часопіса даступны ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі). У сучаснай Беларусі даследаванні працягваюцца ў рамках такога навуковага напрамка як «Біягеахімія балот і тарфяных радовішчаў», якую ўзначальвае акадэмік М.М. Бамбалаў у Інстытуце прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А водна-балотныя ўгоддзі Беларусі ахоўваюцца згодна Рамсарскай канвенцыі («Конвенция о водно-болотных угодьях, имеющих международное значение главным образом в качестве местообитаний водоплавающих птиц»).

У газету «Уперад» (№ 15) Лідскага раёна выкладчык беларускай мовы Лідскага педагагічнага вучылішча паведаміў аб пачатку заняткаў, перапыненых з-за вайны на 3 гады. Прычым пасля таго, як заняткі ўжо пачаліся, з гарадоў, вёсак і партызанскіх атрадаў у вучылішча пацягнуліся на вучобу былыя студэнты.

А жыхары вёскі Малая Бераставіца (цяпер аграгарадок у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці) на агульным сходзе вырашылі арганізаваць калектыўнную гаспадарку – калгас.

57 дзён засталося да Перамогі...