Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

28 сакавіка 1945. 43 дні да Перамогі

Узяты Штрэлен і Рыбнік. Фауст-патроны ў Рыбніку. Заява Эйзенхаўэра. У Акадэміі навук БССР. Ганусаўская даследчая станцыя. Газеты: «Звязда» (№ 57), «Советская Белоруссия» (№ 56).

У гэты дзень «46-я армія 2-га Украінскага фронту авалодала г. Дьёр, Комарам», а «войскі 2-га Беларускага фронту авалодалі горадам і портам Гдыня» ”418 дней Великой Отечественной войны”. Мінск, 2014, с. 388).

Ад Савецкага Інфармбюро. Аператыўная зводка за 27 сакавіка. Працягваюцца наступальныя баі ў кірунку Кёнігсберга. Нашы войскі занялі больш за дзесятак прыгарадаў Данцыга (Гданьска) і прарваліся да яго цэнтра, правёўшы перад гэтым начную бамбёжку вайсковых аб'ектаў і судоў у порце. На тэрыторыі Сілезіі войскі 1-га Украінскага фронту, наступаючы, занялі «моцныя апорныя пункты абароны» і буйныя вузлы дарог – гарады Штрэлен (Штраль) і Рыбнік. (”Звязда”, № 57; ”Советская Белоруссия”, № 56). Польскі горад Рыбнік, акупаваны немцамі яшчэ ў 1939 годзе, вядомы тым, што ў канцы 1944 года тут быў немцамі пабудаваны ваенны завод. Канстанцін Сіманаў, быўшы тады ваенным карэспандэнтам газеты «Чырвоная Зорка», са слоў аднаго з савецкіх генералаў, відавочцы падзей, запісаў у сваім дзённіку 28 сакавіка 1945 года: «Завод пачаў працаваць толькі ў канцы снежня 1944 года, а ўжо 25 студзеня 1945-га , калі мы падышлі ўшчыльную да Рыбніка, вымушаны быў спыніць працу, выпусціўшы толькі пяцьдзесят тысяч карпусоў фауст-патронаў – сваю першую месячную праграму». А сумесь для гэтых фауст-патронаў – «начынку», выраблялі ў Германіі. «Гэта вельмі сур'ёзная зброя», – працягваў генерал, «а метад яе прымянення мы тут назіралі. Чакаючы нашага прарыву ў горад, яны [немцы] загадзя складвалі фауст-патроны ў вокны на другіх паверхах дамоў, ... якія выходзілі на важныя перакрыжаванні. ... Адступаючы, немцы забягалі ў гэтыя дамы на другія паверхі, знаходзілі ў вокнах гатовыя фауст-патроны і стралялі па нашых танках, якія ўварваліся ў горад. А танк, калі ён ідзе па вуліцы без пяхоты, спаліць, седзячы наверсе, на другім паверсе, амаль нічога не варта...» (Симонов К.М. “Незадолго до тишины : записки 1945 г. : март–апр.–май”, Москва, 1974, с. 160). Кніга захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Радавалі і весці ад саюзнікаў. 1-я французская армія 27 сакавіка “ліквідавала апошні германскі плацдарм на заходнім беразе Рэйна ў Максимилиансау. Захоплены вялікія трафеі, у тым ліку 300 гармат”. (“Советкая Белоруссия”, № 56, с. 4). Вярхоўны галоўнакамандуючы экспедыцыйных сіл саюзнікаў Д. Эйзенхаўэр 27 сакавіка заявіў, што «ніякага міру на аснове перамоў [з немцамі] не будзе. Будзе толькі безумоўная капітуляцыя, навязаная саюзнымі войскамі, якія прасоўваюцца і займаюць Германію з абодвух бакоў”. (“Советская Белоруссия”, № 56, с. 2).

На гэтай жа, 2-й старонцы газеты, – вялікі артыкул кіраўніка лесахімічнай лабараторыі Акадэміі навук БССР – “Увага лесахіміі”. У ёй аўтар даступна распавядае пра асновы лесахіміі – адыходах лесанарыхтовак (пнях, апілках і г.д.). Па заданнях Савета народных камісараў БССР у Акадэміі навук БССР быў правераны “у вытворчых умовах спосаб комплекснай перапрацоўкі мясцовых смол” і распрацаваны новы, які мае шэраг пераваг.

У аранжарэі Ганусаўскай даследчай станцыі ў Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобласці адчуваецца подых вясны: заквітнела чайная ружа, рыхтуюцца да квяцення іншыя кветкавыя расліны. Парніковыя гаспадаркі станцыі і цяпліцы былі выратаваны ад нямецкіх захопнікаў. Зараз работнікі станцыі рыхтуюць расадачны матэрыял. (Гэта ўстанова вядома сёння як “Вопытная навуковая станцыя па цукровых бураках” і ўваходзіць у склад Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь).

А да Перамогі засталося 43 дні ...