Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

3 сакавіка 1945. 68 дзён да Перамогі

Перамогі Чырвонай арміі ў Памераніі. Задачы лёгкай прамысловасці. Дасягненні беларускай чыгункі. Перавыкананне квартальных планаў. Нарада кіраўнікоў агіткалектываў Бабруйскай вобласці. Адноўленыя заводы. Падзеі ў сферы культуры. Газеты: “Звязда” (42, 43, 44), “Советская Белоруссия” (№ 41, 42, 43).

У гэты дзень войскі 2-га Беларускага фронту авалодалі важнымі вузламі камунікацыі і моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў у Памераніі – гарадамі Румельсбург і Поллнаў, а таксама занялі больш за 80 населеных пунктаў. Паспяхова ідуць баі на тэрыторыі Чэхаславакіі (“Советская Белоруссия”, № 43). За дзень на ўсіх франтах падбіта і знішчана 90 танкаў праціўніка, збіта 49 самалётаў, захоплена шмат трафеяў і палонных (“Звязда”, № 44). Працягваецца ліквідацыя акружанай у Браслау нямецкай групоўкі. Досвед вайны паказаў, што Чырвоная армія з’яўляецца майстрам акружэння. З часоў Сталінградскай бітвы нашы войскі зладзілі немцам дзясяткі вялікіх і малых “катлоў”. Толькі за апошнія паўтара месяца Чырвоная армія захліснула гіганцкай пятлёй варожую групоўку ва Усходняй Прусіі, акружыла і знішчыла непрыяцельскія сілы ў Познані, Торне, Шнайдэмюлі (“Советская Белоруссия”, № 41).

Мірнае насельніцтва самаадданай працай аказвае дапамогу краіне і фронту. Вытворчыя поспехі работнікі ўсіх сфер народнай гаспадаркі лічаць сваім укладам у справу перамогі. Заканчваюцца апошнія падрыхтоўчыя працы да пуску Гродзенскага шклозавода. Ён зноў становіцца ў строй дзеючых прадпрыемстваў. У механічнай майстэрні ўжо ярка палае горн, у ганчарным цэху выпрацоўваецца вогнетрывалая цэгла. У другой палове сакавіка прадукцыя завода – шкляны посуд і аконнае шкло – пачне паступаць у гарады і сёлы Беларусі (“Звязда”, № 43). Уступіў у дзеянне адноўлены ў кароткі тэрмін намаганнямі калектыву Ваўкавыскі чыгуналіцейны завод. У гэты дзень ён даў першую прадукцыю – 2,5 т ліцця для сельскагаспадарчых машын.

Мае шмат прыкладаў дасягненняў дзейнасць беларускай чыгункі. Сярод яе поспехаў павышэнне хуткасці цягнікоў, значная эканомія паліва, скарачэнне прастою сотняў вагонаў (“Звязда”, № 43). Вызначыліся гаспадаркі, якія сталі перадавікамі па падрыхтоўцы да веснавых работ, выкананні квартальных планаў.

Перад Народным камісарыятам лёгкай прамысловасці пастаўлена задача: павялічыць выпуск валавой прадукцыі ў параўнанні з 1944 г. у 22,5 разы (“Советская Белоруссия”, № 42; “Звязда”, № 42). У Бабруйску адбылася абласная нарада кіраўнікоў агіткалектываў, прысвечанае пытанням масава-палітычнай і культурна-асветніцкай працы сярод насельніцтва. Аказанне дапамогі агітатарам ускладаецца на парткабінеты і хаты-чытальні (“Советская Белоруссия”, № 42; “Звязда”, № 42).

Аднаўляецца беларуская навука. Акадэмія навук Беларускай ССР абвяшчае пра набор у кандыдацкую аспірантуру. Наладжваецца культурнае жыццё. Праўленне саюза савецкіх пісьменнікаў БССР з удзелам літаратурнага актыву абмеркавала пытанне аб вывучэнні творчай спадчыны беларускіх пісьменнікаў. Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпускае асобнай кнігай паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”.

Ідзе будаўніцтва культурна-асветніцкіх устаноў на сяле. У калгасе імя Літвінава Рэчыцкага раёна скончана будаўніцтва клуба, разлічанага на 400 гледачоў (“Советская Белоруссия”, № 42).

У сталічных тэатрах і кіно ідуць спектаклі і дэманструюцца фільмы. У гэты дзень гледачы могуць паглядзець у тэатры імя Я. Купалы спектакль “Позняе каханне”, у кінатэатрах “Першы” і “Радзіма” – сеансы “Іван Грозны”, “Чалавек з ружжом”, “У шэсць гадзін вечара пасля вайны”.

Да Перамогі засталося 68 дзён...