Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

11 сакавіка 1945. 60 дзён да Перамогі

Становішча на франтах. Навіны Бабруйскай і іншых абласцей Беларусі. Газеты: “Звязда” (№ 48), “Советская Белоруссия” (№ 47), “Совецкая радзіма” (№ 38).

Чырвоная армія паспяхова прасоўваецца ў кірунку на Данцынг. Упартае супраціўленне нямецкіх войскаў, мініраванне імі дарог і мастоў не можа спыніць наступленне. Баі працягваюцца і ў Венгрыі, у раёне возера Балатон. Савецкая авіяцыя здзейсніла налёты на ваенныя аб’екты, парты, чыгуначныя вузлы Данцыга і Кёнігсберга. Авіяцыя Балтыйскага флоту патапіла 3 нямецкія транспарты. З Лондана перадаюць, што “ў налёце на Берлін 9 сакавіка ўдзельнічалі больш самалётаў «Маскіта», чым за ўвесь перыяд начных налётаў на германскую сталіцу, пачатых 18 дзён таму”. З Вашынгтона ТАСС паведамляе аб тым, што пры налёце амерыканскіх звышмагутных бамбардзіроўшчыкаў “Лятаючая крэпасць” на прамысловыя аб’екты ў Токіа было скінута больш за тысячу тон бомб (“Звязда”, № 48; “Советская Белоруссия”, № 47).

“Совецкая радзіма” (№ 38) дзеліцца пазітыўнымі навінамі і крытычнымі матэрыяламі. Так, з Архангельска ў Бабруйскую вобласць прыбыла 50 племянных бычкоў халмагорскай пароды, іх размяркуюць па фермах у розныя калгасы. У Кіраўскай машынна-трактарнай станцыі (Магілёўская вобласць) атрымалі новыя трактары і яшчэ 2 – адрамантавалі; тут арганізаваны курсы трактарыстаў, на якіх навучаецца 28 чалавек. У некалькіх сельсаветах Бабруйскага раёна план нарыхтоўкі і вывазу лесу аказваецца пад пагрозай невыканання. У многіх калгасах Старобінскага раёна (цяпер Салігорскі) падрыхтоўка да пасяўных работ ідзе павольна. Два вялікія артыкулы прысвечаны працы агітатараў у Бабруйскай вобласці: у адным з іх крытыкуецца праца агітатарскіх калектываў у некалькіх калгасах, але ў двух артыкулах ставіцца ў прыклад агіткалектыў Першамайскага сельсавета Грэскага раёна (яго тэрыторыя цяпер уваходзіць у некалькі раёнаў Мінскай вобласці).

Перадавіца газеты “Звязда” (№ 48) распавядае пра адраджэнне тарфяной прамысловасці. На 2-й старонцы – фатаграфія калоны танкаў “20 гадоў савецкаму Узбекістану” 2-га Беларускага фронту. Вялікі матэрыял у “Советской Белоруссии” (№ 47) прысвечаны аднаўленню і перспектыўнай забудове сёлаў. У Маладзечне адкрываецца інстытут для падрыхтоўкі будучых настаўнікаў на гісторыка-філалагічным і фізіка-матэматычным аддзяленні, заняткі пачнуцца 1 кастрычніка бягучага года.

Народны камісарыят асветы БССР укамплектаваў і разаслаў школам у заходніх абласцях Беларусі бібліятэчкі, у складзе якіх – палітычная, гістарычная і мастацкая літаратура. Таксама школы атрымалі наглядныя дапаможнікі і карты для кабінетаў, альбомы фатаграфій (“Советская Белоруссия”, № 47).

Яшчэ 60 дзён засталося да Перамогі...