Закрыть
image description
image description
image description
image description
image description

19 сакавіка 1945. 52 дні да Перамогі

Прасоўванне саюзнікаў. Аднаўленне Ліды. Зямельная рэформа ў Польшчы і Румыніі. Газеты: “Звязда” (№ 52), “Уперад” Лідскага раёна (№ 16).

У гэты дзень “амерыканскія войскі занялі г. Кобленц, Вормс” (“1418 дней Великой Отечественной войны”, Мінск, 2014, с. 386). Усяго адзін радок друкаванага тэксту. Але за ім стаяць многія і многія крокі па зямлі, па пантонным хісткім мосце, з цяжкім узбраеннем за плячыма, з чаканнем сустрэчнага смяротнага агню. Саюзнікі пачалі падрыхтоўку да фарсіравання натуральнай перашкоды на нямецкіх землях – ракі Рэйн. А паралельна пераломваюць супраціўленне немцаў, у тым ліку і масіраванымі бамбёжкамі. 19 сакавіка 3-я амерыканская армія прасунулася на 11 км і заняла Бінген, паміж Саарбрукенам і Гардскімі гарамі; іншыя амерыканскія часці прасунуліся праз абарончыя ўмацаванні Заходняга вала (лінія Зігфрыда) на 13 км; англійская авіяцыя бамбіла нямецкія гарады Бохум і Ханау. Напярэдадні авіяцыя ЗША здзейсніла найбуйнейшы дзённы налёт на Берлін, у ім удзельнічала 1 300 “Лётаючых крэпасцей”, мэтай якіх былі транспартныя і ваенныя аб’екты ў горадзе, і 700 знішчальнікаў для прыкрыцця. На працягу гадзіны на горад было скінута больш за 3 000 фугасных і запальных бомбаў (“Звязда”, № 52).

А ў БССР у цэнтры ўвагі – становішча ў сельскай гаспадарцы і планаванне развіцця на ўвесь 1945 год. У газеце “Уперад” Лідскага раёна Гродзенскай вобласці (№ 16) некалькі матэрыялаў прысвечаны гэтай тэме, у тым ліку і перадавы артыкул. А на 2-й старонцы – больш за палову месца аддадзена матэрыялу “Аб дзяржаўным плане развіцця сельскай гаспадаркі БССР на 1945 год”.

У Лідзе з першых дзён пасля вызвалення сталі аднаўляцца не толькі прамысловыя прадпрыемствы і транспарт, але і культурна-бытавыя ўстановы. Так, для чыгуначнікаў адбудавана амбулаторыя, пякарня, сталоўка. Адбудавана і адрамантавана 9 жылых дамоў, у тым ліку для адзінокіх жыхароў. Усе гэтыя памяшканні забяспечаны электраасвятленнем, ацяпленнем, радыёрэпрадуктарамі, інтэрнаты – і пасцельнымі рэчамі.

А ў Польшчы, у яе заходніх раёнах, праходзіць зямельная рэформа: у адным з раёнаў з асаблівым энтузіязмам сяляне дзеляць землі, якія яшчэ нядаўна належалі Дабашынскаму – паслугачу фашызму, а ў яго доме яны аднадушна вырашылі арганізаваць школу.

Газета “Звязда” (№ 52, с. 4) таксама надрукавала, што ў Кракаўскім ваяводстве землі 381 маёнтка, а ў Келецкім ваяводстве 900 – падлягаюць падзелу. Дзеляць памешчыцкія землі і ў Румыніі.

52 дні засталося да Перамогі…