Закрыть
image description
image description
image description

18 лютага 1945. 81 дзень да Перамогі

Аднаўленне прамысловасці. Краязнаўчыя музеі. Заява Прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі. Дапамога Польшчы. Газеты «Звязда» (№ 33) і «Віцебскі рабочы» (№ 18).

Дэвіз «Усё для фронту! Усё для Перамогі!» заставаўся актуальным увесь час вайны, не выключаючы і гэтыя лютаўскія дні. Пакуль нашы войскі прасоўваюцца да Берліна, у БССР вырашаюцца задачы хутчэйшага аднаўлення прамысловасці, у першую чаргу такіх яе галін, як машынабудаванне, энергетыка. Гэтаму прысвечаны перадавы артыкул у газеце "Звязда" (№ 33). Адраджаюцца і прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Нядаўна аднавіла сваю працу панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» у Віцебску, яе калектыў шэфствуе над шпіталем – моладзь чытае параненым кнігі і газеты, дапамагае пісаць лісты, паказвае нумары самадзейнасці ("Віцебскі рабочы", № 18).

У Мінску праходзяць рэспубліканскія лыжныя спаборніцтвы, на якіх выступаюць лепшыя спартсмены, якія перамаглі на міжкалгасных, раённых і абласных этапах.

Цікавыя і навіны культуры. У рэспубліцы ўжо аднавілі сваю працу 4 гісторыка-краязнаўчыя музеі – у Гродне, Гомелі, Віцебску і Слоніме. Гомельскі музей адкрыўся ў новым будынку, сюды хутка вернуцца эвакуіраваныя ў Сталінградскую вобласць экспанаты. Пры Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР (цяпер – Вялікі тэатр Беларусі) ствараецца харэаграфічнае вучылішча, ужо набрана адна група будучых балерын і танцораў (газета “Звязда”, № 33).

З падзей міжнароднага жыцця ў гэтай жа газеце мы абралі дзве. Саўнаркам СССР прыняў рашэнне задаволіць просьбу кіраўнікоў Польскай Рэспублікі аб матэрыяльна-тэхнічнай дапамозе і накіраванні экспертаў для аднаўлення Варшавы. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі У. Чэрчыль, пакідаючы Крым пасля Ялцінскай канферэнцыі 14 лютага, зрабіў заяву, у канцы якой ёсць такія словы: «Мы молімся, каб рускі народ (чытай савецкі – заўв. аўтара) ніколі больш не падвяргаўся цяжкім выпрабаванням, з якіх ён выйшаў з такой славай».

81 дзень заставаўся да Перамогі…