Закрыть
image description
Лидский замок. Фото БЕЛТА
Лідскі замак. Фота БЕЛТА
Lida Castle. BELTA photo
image description
Мемориальный комплекс "Хатынь". Фото БЕЛТА
Мемарыяльны комплекс "Хатынь". Фота БЕЛТА
Memorial complex "Khatyn". BELTA photo
image description
Принятие присяги в Брестской крепости. Фото Е. Гараевой. БЕЛТА
Прыняцця прысягі ў Брэсцкай крэпасці. Фота Е. Гараевай. БЕЛТА
Taking the oath in the Brest Fortress. Foto by E. Garayevay. BELTA
image description
Мемориальный комплекс "Детям - жертвам фашизма". Жлобинский район. Фото С. Холодилина. БЕЛТА
Мемарыяльны комплекс "Децям - ахвярам фашызма". Жлобінскі раён. Фота С. Халадзіліна. БЕЛТА
Memorial complex "To children - victims of fascism". Zhlobin district. Photo by S. Kholodilin. BELTA
image description
Несвижский замок. Фото Г. Жинкова. БЕЛТА
Нясвіжскі замак. Фота Г. Жынкова. БЕЛТА
Nesvizh Castle. Photo by G. Zhinkov. BELTA
image description
Мирский замок.Фото В. Толочко. БЕЛТА
Мірскі замак. Фота В. Талочкі. БЕЛТА
Mir Castle. Photo by V. Tolochko. BELTA
image description
Государственный музей истории Великой Отечественной войны. Минск. Фото БЕЛТА
Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мінск. Фота БЕЛТА
State Museum of the History of the Great Patriotic War. Minsk. BELTA photo
image description
Коложская церковь. Гродно. Фото БЕЛТА
Каложская царква. Гродна. Фота БЕЛТА
Kolozhskaya church. Grodno. BELTA photo

Гісторыя

Гісторыя Беларусі налічвае не адно тысячагоддзе і ўяўляе сабой частку агульнаславянскай, еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі. Першыя людзі на землях, якія сёння займае Беларусь, з′явіліся каля 100 тысяч гадоў назад. У эпоху неаліту пачало развівацца земляробства і жывёлагадоўля, здабыча каменю, кераміка. Зарадзіліся першыя абменныя адносіны.

Пераход да бронзавага веку падрыхтавалі індаеўрапейцы, якія прыйшлі на землі Беларусі. Развівалася позняродавая абшчына, і з′явіліся зародкі маёмаснай няроўнасці. Земляробства і жывёлагадоўля станавіліся ўсё больш прадуктыўнымі, удасканальваліся прылады працы. Артэфакты, якія адносяцца да бронзавага веку, былі знойдзены па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У перыяд жалезнага веку (VIII–VII стст. да н.э. – VIII ст. н.э.) на тэрыторыі сучаснай Беларусі селішча сустракаліся ў басейнах рэк Днепр, Дзвіна і Прыпяць.

У II–V стст. н.э. на беларускія землі прыходзяць першыя славянскія плямёны, змешваючыся з мясцовым балцкім насельніцтвам. У выніку асіміляцыі ўтвараюцца тры дамінуючыя супольнасці – крывічы, дрыгавічы і радзімічы. На тэрыторыі рассялення крывічоў узнікла першае беларускае княства – Полацкае, са сталіцай Полацкам. Паводле летапісаў, першым князем быў Рагвалод (Х ст.). Пры праўленні легендарнага Усяслава Чарадзея княства дасягнула росквіту сваёй магутнасці. У канцы Х ст. утварылася яшчэ адно буйное княства – Тураўскае. Як і Полацкае, нейкі час яно знаходзілася ў падначаленні кіеўскіх кіраўнікоў. Пазбавіўшыся іх улады, магутныя княствы распаліся на дробныя, і запанавала феадальная раздробленасць. Феадалізм атрымаў распаўсюджванне на землях Беларусі ў X–XII стст., не выцесніўшы, аднак, цалкам элементаў рабаўладання і абшчыннага ладу.

З прыходам у краіну хрысціянства з Візантыі, пачаўся культурны ўздым – развіццё культавай архітэктуры, у прыватнасці, будаўніцтва каменных цэркваў, развіццё жывапісу рэлігійнай тэматыкі, пісьменнасці.

Узнікшае ў XIII–XIV стст. Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) са сталіцай у горадзе Наваградку, было магутнай дзяржавай, якая супрацьстаяла знешнім пагрозам. Пазней цэнтр ВКЛ перанеслі ў Вільню, вядомую цяпер пад назвай Вільнюс. Дзяржаўнай мовай у княстве лічылася беларуская, а палітычная сістэма і культурнае развіццё вызначаліся славянскім уплывам

У канцы лета 1385 г. была прынятая Крэўская унія – дынастычны саюз паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам. У выніку ўніі мяжы аб′яднанай дзяржавы за кошт украінскіх, беларускіх і рускіх зямель пашырыліся да ўзбярэжжа Чорнага мора. Да сярэдзіны XVI ст. сфармавалася палітычная сістэма ВКЛ. Яго асновы замацоўваліся Статутамі 1529, 1566 і 1588 гг.

У сярэднія вякі Беларусь звалі "краінай замкаў": праз кожныя 20–30 км стаялі ўмацаваныя гарады і мястэчкі, пад ахову якіх збіралася навакольнае насельніцтва.

Лівонская вайна прывяла да пагаршэння становішча ВКЛ, і ў выніку ў 1569 г. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб′ядналіся ў Рэч Паспалітую са Стэфанам Баторыем на чале.

Пачалася новая эпоха ў беларускай гісторыі. За ВКЛ захоўвалася яго назва, права выдаваць мясцовыя законы, чаканіць сваю манету, мець унутранае кіраванне і судовыя органы, некаторыя з найважнейшых дзяржаўных пасад, войска.

Асобнымі ў ВКЛ былі пячаці са знакамі дзяржавы (у княстве – выява "Пагоні", у Польшчы – "Арла"). Мова афіцыйнага справаводства ў ВКЛ – старабеларуская, у Польшчы – польская і лацінская.

У XVI ст. на беларускія землі прыйшлі Адраджэнне і Рэфармацыя (2-я палова XVI – сярэдзіна XVII ст.), у гарадах узнікалі пратэстанцкія абшчыны, выразна аформіліся адрозненні паміж вышэйшымі і ніжэйшымі пластамі грамадства.

У 2-й палове XVIII ст. Рэч Паспалітая ўступіла ў паласу глыбокага палітычнага крызісу. Дзяржаву раздзіралі ўнутраныя супярэчнасці, яна была ўцягнута ў войны. У складзе Рэчы Паспалітай беларускія землі вытрымлівалі разбуральныя войны, таму былі аслабленыя і спустошаныя.

У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, і некаторыя землі федэратыўнай дзяржавы адышлі ў склад Расійскай імперыі. У 1793 і 1795 гг. адбыліся яшчэ два падзелы, пасля якіх Рэч Паспалітая спыніла існаванне і знікла з палітычнай карты. Акт адрачэння ад кароны апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім быў падпісаны 25 лістапада 1795 г. у Новым каралеўскім замку ў Гродне.

На сваіх новых тэрыторыях расійскі ўрад пачаў актыўна праводзіць палітыку русіфікацыі. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. беларускія землі былі падзелены на два генерал-губернатарствы – Беларускае (Віцебская і Магілёўская губерні) і Літоўскае (Мінская, Гродзенская і Віленская губерні).

У канцы XVIII на тэрыторыі Беларусі адбылося некалькі сур′ёзных канфліктаў. Спробай захаваць незалежнасць Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. стала паўстанне 1794 г. на чале з Тадэвушам Касцюшкам (1746–1817), якое было задушана войскамі на чале з А. Суворавым.

У 1812 г. беларускія землі пацярпелі ад паходу напалеонаўскіх войскаў.

У 1830–1831 гг. з мэтай узнаўлення дзяржаўнасці адбылося нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве. Пасля падаўлення паўстання палітычны і эканамічны ўплыў шляхты і каталіцтва быў аслаблены. Зачыняліся касцёлы і кляштары, маёнткі ўдзельнікаў паўстання канфіскоўваліся. Быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, спынена дзеянне Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.

У 1863–1864 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве ўспыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царызму. На тэрыторыі Беларусі паўстаннем кіраваў Кастусь Каліноўскі (1838–1864).

Рэформы другой паловы XIX ст. спрыялі паскарэнню сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, садзейнічалі станаўленню капіталістычных адносін, актывізацыі грамадска-палітычнага жыцця.

У гады Першай сусветнай вайны (1914–1918) вялікая частка тэрыторыі знаходзілася пад акупацыяй Германіі і была арэнай кровапралітных бітваў паміж нямецкімі і рускімі войскамі.

Пасля перамогі ў лістападзе 1917 г. Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкая ўлада была ўсталяваная на ўсёй неакупаванай тэрыторыі Беларусі.

3 сакавіка 1918 г. – у Брэст-Літоўску падпісаны Брэсцкі мірны дагавор, які азнаменаваў паражэнне і выхад Савецкай Расіі з Першай сусветнай вайны.

25 сакавіка 1918 г. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР).

1 студзеня 1919 г. абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ў 1922 г. увайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

18 сакавіка г. 1921 г. – у Рызе падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які завяршыў савецка-польскую вайну (1919–1921). Дагавор усталяваў межы паміж РСФСР, УССР, БССР і Польшчай. У выніку землі Заходняй Беларусі адышлі да Польшчы.

У 1939 г. Заходняя Беларусь была уз’яднана з Беларускай ССР.

У даваенны перыяд у Беларусі было пабудавана каля тысячы прамысловых прадпрыемстваў, каля 900 рэканструявана. Развіваліся навука, нацыянальная культура, мастацтва. Аднак на ўсіх пластах насельніцтва цяжка адбіліся масавыя палітычныя рэпрэсіі. Пацярпелі больш 86 тыс. беларусаў.

У чэрвені 1941 г. Беларусь адной з першых рэспублік СССР прыняла на сябе ўдар фашыстаў і зноў стала арэнай спусташальных і кровапралітных баёў і бітваў. Уся тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецка-фашысцкімі войскамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі быў шырока разгорнуты партызанскі рух. Гэта стала важным фактарам, які вымусіў гітлераўцаў трымаць тут значны кантынгент і які паспрыяў больш хуткаму вызваленню Беларусі. Усходнія раёны Беларусі былі вызвалены Савецкай арміяй увосень 1943 г., а ўся рэспубліка цалкам – улетку 1944 г. падчас аперацый "Баграціён". За гады вайны Беларусь страціла каля трэцяй часткі насельніцтва (34 % даваеннай колькасці насельніцтва краіны ў яе цяперашніх межах – 3 млн чалавек), больш за палову нацыянальнага багацця. Былі цалкам або часткова разбураны 209 гарадоў, пасёлкаў, раённых цэнтраў і больш за 9 тыс. сёл і вёсак. Больш за 380 тыс. чалавек былі вывезены ў Германію. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў, у якіх было знішчана каля 1,4 млн чалавек грамадзянскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны сімваламі мужнасці беларускага народа сталі Брэсцкая крэпасць, якой прысвоена званне крэпасць-герой, і Хатынь, якая захоўвае памяць аб спаленых гітлераўцамі беларускіх вёсках.

Перыяд пасляваеннай гісторыі адзначыўся наступнымі падзеямі для Беларусі:

1945 г. – Беларусь прынята ў склад членаў – заснавальнікаў Арганізацыі Аб′яднаных Нацый (ААН).

1946 г. – Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі рэспублікі на 1946–1950 гг.  Адным з галоўных кірункаў прамысловага развіцця пасляваеннай Беларусі быў паскораны рост машынабудавання і металаапрацоўкі.

1954 г. – Беларусь уступіла ў Арганізацыю Аб′яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).

Канец 1950-х – пачатак 1960-х гг. пачатак "касмічнай эры" ў СССР. Беларусы П.І. Клімук і У.В. Кавалёнак сталі лётчыкамі-касманаўтамі і ўнеслі непасрэдны ўклад у засваенне космасу.

Красавік 1986 г. – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, вынікі якой адбіліся на значнай тэрыторыі Беларусі.

27 ліпеня 1990 г. – Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

25 жніўня 1991 г. – наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі статуту канстытуцыйнага закона, які фактычна абвясціў незалежнасць БССР.

70 гадоў у складзе СССР істотна змянілі вобраз Беларусі, ператварыўшы яе з аграрнай ускраіны Расійскай імперыі ў індустрыяльна развітую рэспубліку. Былі створаны такія прамысловыя гіганты, як Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ), Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), Мінскі трактарны завод (МТЗ), Беларускі металургічны завод (БМЗ), Беларуськалій.

19 верасня 1991 г. была прынята назва дзяржавы – Рэспубліка Беларусь.

8 снежня 1991 г. – на сустрэчы кіраўнікоў Расіі, Украіны і Беларусі ў Віскулях (Брэсцкая вобласць) афіцыйна абвешчана аб спыненні існавання Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік СССР.

У пачатку 1990-х гг. цэламу шэрагу вядучых арганізацый і ўстаноў Рэспублікі Беларусь было прысвоена найменне нацыянальных.

15 сакавіка 1994 г. – Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якой уведзены інстытут прэзідэнцтва.

1994 г. – у Беларусі адбыліся выбары першага ў гісторыі незалежнай дзяржавы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ім абраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

7 чэрвеня 1995 г. – Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны новыя Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

24 лістапада 1996 г. – па выніках рэспубліканскага рэферэндуму ў дзеючую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь унесены змяненні і дапаўненні.

8 снежня 1999 г. – падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, прынята Праграма дзеянняў па рэалізацыі яго палажэнняў.

10 кастрычніка 2000 г. – Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан падпісалі дагавор аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС).

27 лістапада 2009 г. – кіраўнікі трох дзяржаў – Беларусі, Казахстана і Расіі – падпісалі дакументы аб стварэнні з 1 студзеня 2010 г. Мытнага саюза.

18 лістапада 2011 г. – прынята Дэкларацыя аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, і з 1 студзеня 2012 г. уступіў у сілу дагавор паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам аб Адзінай эканамічнай прасторы (ЕЭП).

29 мая 2014 г. – дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза падпісалі ў Астане прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі. Дакумент уступіў у сілу 1 студзеня 2015 г.

1 студзеня 2015 г. – уступіў у дзеянне дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, да якога далучылася Рэспубліка Арменія.

15 студзеня 2016 г. – першы беларускі камунікацыйны спадарожнік Belintersat-1 паспяхова запушчаны ў космас.

З 21 па 30 чэрвеня 2019 г. Рэспублiка Беларусь прыняла II Еўрапейскія гульні. У гэтым найбуйнейшым мультыспартыўным форуме кантынента прынялі ўдзел больш за 4000 спартсменаў з 50 краін, якія разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Рэспубліка Беларусь як незалежная дзяржава прымае актыўны ўдзел у найважнейшых міжнародных падзеях і падтрымлівае дружалюбныя адносіны з цэлым шэрагам краін Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі.


Спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы

Архівы Беларусі

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік

"Belarus.by". Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь