Закрыть
image description
image description
image description

8 лютага 1945. 91 дзёнь да Перамогі

Да Берліна – 70 кіламетраў. Вяртанне кніг у бібліятэкі Беларусі. Збор прадуктаў для дзіцячага дома. Адраджэнне конегадоўлі. Газеты: "Ленінская праўда" (Дзяржынскі раён) (№ 9); "Сцяг сацыялізма" (Чашніцкі раён) (№ 11).

Па матэрыялах газеты "Ленінская праўда" (Дзяржынскі раён) (№ 9). Як паведамляюць з Германіі карэспандэнты газет нейтральных краін, з усходніх абласцей краіны жыхары ў паніцы бягуць у Берлін, з імі сюды ж прыбывае ўсё больш і больш дэзерціраў з фронту (пра гэта сведчаць загады насельніцтву аб забароне даваць ім прытулак). Жыхары Берліна атрымалі загад аб эвакуацыі – Чырвоная Армія ўжо на адлегласці 70 км ад горада. Амерыканскія карэспандэнты адзначаюць, што наступленне на ўсходнім (нашым – заўв. аўтара) фронце прывёў да падзення духу войскаў і на заходнім: усё больш нямецкіх салдат здаюцца ў палон. Добрыя весткі прыходзяць таксама з Балгарыі, Філіпін і іншых краін.

З вызваленых гарадоў паступова вяртаецца па драпежніцку вывезеная з тэрыторыі Беларусі маёмасць прамысловых прадпрыемстваў, музеяў і бібліятэк. Частку яе выявілі ў Рызе: далей у Германію яе не паспелі вывезці. Па матэрыялах агенцтва БЕЛТА "Ленінская праўда" паведамляе аб вяртанні знойдзеных там 100 тысячах кніг са штампамі бібліятэк Акадэміі навук, імя У.І. Леніна (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі) і ЦК КП(б)Б (цяпер Прэзідэнцкая бібліятэка). У манаграфіі Р.С. Матульскага "Библиотеки Беларуси. Из прошлого в будущее. 1917–1991" (2018, с. 113) прыведзены лічбы разграблення найкаштоўнейшых фондаў гэтых бібліятэк. Таксама вярнуліся экспанаты ў Віцебскі краязнаўчы музей. У гэтай жа нататцы гаворыцца, што апаратура беларускай кінастудыі, таксама знойдзеная ў сталіцы Латвіі, знаходзіцца ў чыгуначных вагонах на шляху да Мінска.

"Ленінская праўда" распавяла і пра ініцыятыву камсамольцаў Дзяржынскага раёна, якія вырашылі падтрымаць дзяцей дзіцячага дома бульбай, капустай і іншымі прадуктамі. У гэтай жа газеце названы калгасныя гаспадаркі, у якіх коні мерзнуць і ў цэлым іх утрыманне мае патрэбу ў неадкладным паляпшэнні. Бо ж коні ва ўмовах недахопу трактароў сталі асноўнай працоўнай сілай. 

На першай старонцы газеты "Сцяг сацыялізма" (№ 11) – ініцыятыва аб датэрміновым выкананні ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці квартальнага плана нарыхтовак і вывазу лесу ў рамках франтавога месячніка. Таксама тут у рубрыцы "З недалёкага мінулага" надрукавана невялікая нататка-успамін пра пачатак партызанскага руху ў Беларусі.

Да Перамогі заставаўся 91 дзень..