Закрыть
image description
image description
image description

6 лютага 1945. 93 дні да Перамогі

Баявыя ўзнагароды – работнікам Беларусі. Адраджэнне сталіцы. Выданне па аднаўленчых работах. Кніга пра народны гнеў і помсту. Газеты: “Советская Белоруссия” (№ 24), “Звязда” (№ 24).

Беларусь ваеннага часу перажыла і горыч акупацыі, і супраціўленне падпольшчыкаў і партызан, і цяжкае аднаўленне пасля вызвалення. І тут, у тыле, фронт працягваўся. На старонках газет “Советская Белоруссия” (№ 24) і “Звязда” (№ 24) пералічаны 229 імёнаў работнікаў Беларусі, якія Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ганараваліся баявымі ўзнагародамі – ордэнам Айчыннай вайны І ступені: ваенны час прыраўняў выкананне плана па хлебанарыхтоўках да дзеянняў на фронце. У выніку праведзеных у 1944 годзе палявых работ Чырвоная Армія, рабочыя фабрык і заводаў атрымалі хлеб і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. У адным з лістоў дадому сын піша з фронту: “харчаванне па-ранейшаму выдатнае, зараз атрымліваем белы хлеб” (ліст маці – М.Л. Бутраменка 7 лютага 1945 г., база даных “Жывая памяць пакаленняў” Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна).

Яшчэ адзін участак працоўнага фронту – расчышчэнне многіх і многіх, вялікіх і малых населеных пунктаў, аднаўленне разбураных прадпрыемстваў, дамоў і збудаванняў. Па ўсім Мінску, як паведамляе ў № 24 газета “Звязда”, бачныя выбраныя з руін і акуратна складзеныя ў штабелі цагліны, горкі металалому, радыятараў – усё гэта рыхтавалася для паўторнага выкарыстання. Аднаўленне ішло павольна. Не хапала не толькі заводаў па вытворчасці будматэрыялаў і рабочых рук, але і многіх матэрыялаў, бо да вайны ў БССР выраблялі толькі тры іх віды: цэглу, дахоўку і вапну.
Нядаўна адкрыты навукова-даследчы Інстытут будаўнічых матэрыялаў быў пакліканы дапамагчы наладзіць вытворчасць усяго неабходнага пры будаўніцтве, у тым ліку і на аснове новых схем тэхналагічных працэсаў. Таксама трэба было знайсці прымяненне сыравіне, якой было ў нас у лішку, напрыклад, таму ж будаўнічаму бою або прыроднай гліне (“Звязда”, № 24).
Цікавы факт: была выдадзена спецыяльная “Памятка участнику восстановления города Минска”, у якой гаворыцца аб арганізацыі работ па разборцы разбураных будынкаў, тэхніцы бяспекі, прыводзяцца чарцяжы інструментаў, калясак і дошак для транспарціроўкі, формы кладкі цэглы, табліцы з нормамі розных відаў работ і іх аплатай (“Советская Белоруссия”, № 24). Друкаваліся і мастацкія творы. У рубрыцы “Крытыка і бібліяграфія” размешчана рэцэнзія на зборнік апавяданняў Міхася Лынькова “Астап”, які выйшаў у 1944 годзе. Гэта першы мастацкі твор, выдадзены ў беларускім дзяржаўным выдавецтве пасля вызвалення Мінска (“Советская Белоруссия”, № 24).

Абодва выданні захоўваюцца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Да Перамогі заставалася 93 дні...