Закрыть
image description
image description
image description
image description

4 лютага 1945. 95 дзён да Перамогі

Ялцінская канферэнцыя. Наступленне Чырвонай арміі. Ліст з фронту. Першынство па хакеі. Газеты: “Звязда” (№ 25); “Советская Белоруссия” (№ 24).

У гэты дзень у Ялце адкрылася Крымская канферэнцыя кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (“1418 дней Великой Отечественной войны: хронология событий”, Мінск, 2014, с. 376).

Баі на Усходнім фронце працягваліся. Чырвоная Армія няўхільна прасоўвалася на захад. Яе не спынялі асабліва ўмацаваныя крэпасці, такія як Познань, штурм якой пачаўся яшчэ ў 20-х чыслах студзеня. Пакінуўшы тут частку войскаў, асноўны паток накіраваўся далей. “Гонім немца наўпрост на Берлін, і ў хуткім часе скончым з ім і ўстановім сцяг перамогі над Берлінам”, – піша родным лейтэнант І.Р. Чыбусаў (база даных бібліятэк Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці “Памяць пра вайну”).

Такі хуткі і знішчальны наступ прывёў да падзення духу ва ўсёй германскай арміі. У войсках, размешчаных на захад ад Берліна “гэта выявілася ў ... паслабленні абароны і павелічэнні колькасці тых, хто здаецца ў палон, у тым ліку афіцэраў” – паведамляе карэспандэнт газеты “Нью-Ёрк геральд трыбун”  (“Советская Белоруссия”, № 24).

Чытаючы і слухаючы гэтыя зводкі, жыхары Беларусі працягвалі жыць і працаваць у палях, на заводах, расчышчаць гарады і вёскі, адбудоўваць дамы. Стомленыя ад паўсядзённых клопатаў ваеннай пары, яны паступова вярталіся да сваіх даваенных звычак: хадзілі ў тэатры і кіно, прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, заўзелі за любімыя каманды. 4 лютага на стадыёне “Харчавік”?, цудам ацалелым у Мінску, пачалося першынство рэспублікі па хакеі з мячом – гомельская каманда “Лакаматыў” абыграла мінскі “Спартак” з лікам 2:1, а каманда горада Брэста саступіла вайсковай частцы камандзіра Нікіціна з лікам 4:0 (“Советская Белоруссия”, № 24; “Звязда”, № 25).

95 дзён засталося да Перамогі...