Закрыть
image description
image description
image description

3 лютага 1945. 96 дзён да Перамогі

Наступленне Чырвонай арміі. Навіны саюзнікаў. Адраджэнне конегадоўлі. Газеты: “Звязда” (№ 23), “Большэвік Палесся” (№ 13); “Большэвіцкая трыбуна” (Барысаўскі раён, № 11).

“Чырвоная Армія штурмуе фашысцкае логава” – пад такой назвай перадавы артыкул у № 23 газеты “Звязда” распавядае пра цяжкае, але бліскучае па выніках і імклівае па хуткасці наступленне савецкіх войскаў. За тры тыдні войскі 1-га Беларускага фронту прайшлі на захад больш за 350 км, заняўшы больш за 7 000 нямецкіх гарадоў і населеных пунктаў. Варожая армія ад дзеяння 5-ці нашых франтоў з 12 да 24 студзеня страціла больш за 500 самалётаў, па некалькі тысяч танкаў, мінамётаў і г.д. Нашы гарматы грукочуць не толькі ў Нямеччыне, але і ў Заходняй Польшчы, у Чэхаславакіі, Венгрыі.

Саюзнікі СССР – Вялікабрытанія і ЗША – перадаюць 3 лютага з Лондана: у раёне лесу Моншау войскі прасунуліся на адлегласць 1500–2000 ярдаў (1,5–2 км); пяхотныя і танкавыя часткі, ламаючы супраціўленне нямецкіх частак, прарваліся ў цэнтр Кальмара; іншыя часткі падышлі да Рэйна і ўтрымліваюць зону ў 35 міль на поўдзень ад Страсбурга; авіяцыя бамбіла ваенныя аб’екты Германіі, а таксама здзейсніла налёт на цэнтр Берліна; у сталіцу рэйха сцякаюцца ўцекачы, жанчыны і дзеці просяць міласціну ў мясцовых жыхароў. Карэспандэнт ТАСС з Белграда паведамляе пра поспехі народна-вызваленчай арміі Югаславіі. Сафійскае радыё інфармуе пра суды над балгарскімі ваеннымі злачынцамі. На гэтай жа 4-й старонцы газеты – артыкул уласнага карэспандэнта “Звязды”, які пабыў у Варшаве, а таксама зробленая ім фатаграфія адной з найпрыгажэйшых да вайны, а цяпер разбуранай вуліцы польскай сталіцы. Ніжэй амаль на палову старонкі – агляд міжнародных падзей, які пераклікаецца з газетнай перадавіцай (“Звязда”, № 23).

“Большэвік Палесся” (Палескай, цяпер скасаванай вобласці) у № 13 размясціў на першай старонцы загад з удзячнасцю нашым войскам за ўзяцце горада-крэпасці Торунь (Торн) на рацэ Вісла. У суседняй калонцы – аповед аб рыбалавецкіх арганізацыях Палесся – у Мазырскім, Нараўлянскім і Калінкавіцкім раёнах. Аўтар перакананы, што план па лоўлі рыбы можна выканаць, выкарыстоўваючы вопыт перадавых гаспадарак. Другі аўтар дзеліцца вопытам па гадаванні і вырошчванні цялятаў. Спецыялістаў у многіх месцах не хапала, таму гэтыя парады былі вельмі карыснымі.

Перадавіца газеты “Большэвіцкая трыбуна” (№ 11) прысвечана падрыхтоўцы коней (асноўнай цяглавай сілы) да веснавых работ – цяпер яны занятыя перавозкай дроў з лесу, але да пасяўной іх трэба ўмела і клапатліва падвесці: падкарміць, даць магчымасць набрацца сіл.

Да Перамогі заставалася 96 дзён...